КО́САЎСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры сярэдзіны 19 ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г. Косава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) паводле праекта арх. Ф.Яшчалда (1838), буд-ва завершана пад кіраўніцтвам У.Марконі. Быў абкружаны паркам (не захаваўся) і з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сім. кампазіцыю. Гал. (у цэнтры 2-павярховы, па баках 1-павярховы) і 2 бакавыя 2-павярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаны вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Вуглы гал. аб’ёму корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкар. аздабленні выкарыстаны зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У палацы размалёўка мастака Ф.Жмуркі. Захаваўся часткова.

Л.В.Трэпет.

Косаўскі палац.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)